Людзі і падзеі, якія вы маглі прапусьціць у 2009-м

Аўторак добрых людзей №100

Кодэкс аб адукацыі замест Балоньскага працэсу, The Prodigy у Менску і «Маніфэст тур», юбілейнае «Басовішча» і тэлеказка Лявона Вольскага, забарона піва на вуліцах і алдовыя піўныя месцы Менску, Twitter у Беларусі і КГБ vkontakte, 20 гадоў аксамітавай рэвалюцыі ў Чэхіі, кампанія «Стоп 193.1!», АЭС на Астравеччыне і грып, вандроўкі па Беларусі, суседніх ды далёкіх кантынэнтах — 2009 год на Generation.bY.

Што зьдзіўляла і радавала, абурала і натхняла ў сыходзячым годзе — некаторыя заўважныя падзеі і людзі 2009 году ў адным артыкуле.

Адукацыя: усіх разьмяркуюць

Год пачаўся з аптымістычнай заявы міністра адукацыі Аляксандра Радзькова аб тым, што Беларусь працуе «над тым, каб афіцыйна ўвайсьці ў Балоньскі працэс». Але хутка высьветлілася, што замест Працэсу студэнты атрымаюць Кодэкс, які канчаткова замацуе прымусовае разьмеркаваньне. Беларускіх студэнтаў цяпер будуць разьмяркоўваць яшчэ больш сур’ёзна і надоўга. З прыняцьцем новага кодэксу вышэйшая адукацыя будзе дзьвюх ступеняў, а адпрацоўваць «бясплатны» дыплём прыйдзецца нават тады, калі студэнт правучыўся ўсяго два з паловай гады на бясплатным.

За апошнія восем год колькасьць студэнтаў у Беларусі імкліва падвышалася і ўрэшце вырасла на 50%. У 2009-ым кожны 23 жыхар краіны — студэнт.

20 год аксамітавай рэвалюцыі ў Чэхіі

Студэнты Чэхіі тым часам сьвяткавалі 20-годзьдзе пратэстаў, зь якіх пачалася аксамітавая рэвалюцыя, што ў выніку і зруйнавала сацыялістычную сыстэму. Generation.bY далучыўся да сьвята ў Празе.

Музыка: усё бывае ў першы раз

«Нам Depeche Mode не патрэбны!» — заявілі арганізатары фэсту «Bela Music-09» і прывезьлі на аэрадром «Баравая» пад Менскам пару тысяч чалавек. Так адбыўся першы за некалькі гадоў буйны менскі рок-фэст.

Басовішча

З удзелам беларусаў праходзяць яшчэ два буйных «памежных» фэсты: «Басовішча», якому сёлета споўнілася 20 гадоў, і Be2gether, дзе Беларусь разам зь «Ляпісам Трубяцкім» прадставілі сёлета маладыя дараваньні The Toobes. Апошнія другую палову году літаральна сядзелі на чамаданах у чаканьні квіточка ў Лёндан ад маэстра трып-хопу Tricky, што ўзяўся за выпуск іх дэбютнага альбому на ўсю Эўропу.

Be2gether

Дзесяцігодзьдзямі, пятнаццацігодзьдзямі і іншымі юбілеямі лінулі беларускія гурты па перапонках слухачоў. Вылучыўся N.R.M., які пасьпеў адсьвяткаваць спачатку 20-годзьдзе «Мроі» на «Басах», а пасьля яшчэ і ўласнае 15-годзьдзе калядным акустычным канцэртам. Дзесяць гадоў споўнілася бярозаўскаму :B:N: і менскай «Троіцы», трэці дзесятак пайшоў «Нэйра Дзюбелю».

Павал Булатнікаў

«Ляпіс Трубяцкой» працягваў геройстваваць. Пасьля вялізнага канцэрту ў менскім Палацы спорту, які быў набіты пад завязку і ў часе выступу «маніфэстаўцаў» хадзіў хадуном, высьветлілася, што самага гаваркога з салістаў гурту Паўла Булатнікава пазнаюць толькі ахоўнікі ў крамах.

The Prodigy

Галоўным канцэртам году імкнуўся стаць напрыканцы восені выступ The Prodigy, якія сапраўды даехалі, аднак абяцанага аншлягу на канцэрце ня было.

Зьявіўся першы беларускі ноўтбук

Нягледзячы на крызыс, брытанскім навукоўцам не скарацілі фінансаваньне і яны працягвалі радаваць прэсу сваімі вынаходніцтвамі. Між іншага ў гэтым годзе пад іх аб’ектыў трапілі разумовыя здольнасьці, якія, як высьветлілася, пасьля 27 год пачынаюць пагаршацца. Затое шампанскае карыснае для здароўя.

А ў Беларусь прыйшоў сьвіны грып. Грамадзяне выстраіліся ў чэргі па маскі, а Google ў той час лічыў колькасьць хворых сэрвісам Flu Trends.

Адчынілася Сусьветная лічбавая бібліятэка пад патранажам ЮНЭСКА, адзіныя матэрыялы аб Беларусі ў якой зьявіліся дзякуючы ўнікальнаму альгарытму менскага праграміста.

Зьявіліся першыя беларускія ноўтбукі. Аднак бліжэй да канца году стала зразумела, што высокія тэхналёгіі Інтэграла рэалізуюцца пераважна ў заклейваньні брэндаў іншых вытворцаў сваім.

Барак Абама нечакана для ўсіх атрымаў Нобэлеўскую прэмію, але пагаворваюць што авансам. Generation.bY прыгадаў 14 нобэлеўскіх ляўрэатаў, якія пайшлі зь беларускіх земляў і прэмію заслужылі без пытаньняў.

Сацыяльныя сэкты

У 2009 сьвет шчыльна заселі ў сацыяльныя сеткі: Facebook, vkontakte, Twitter, былі галоўным каталізатарамі навінаў пра Сеціва. Каштоўнасьць сетак «прасяклі» і спэцслужбы. КГБ паспрабавала завэрбаваць студэнта БДУІР на падставе кола яго сяброў на сайце vkontakte.ru. А беларускі ўрад распачаў размовы аб «прававым унармаваньні Інтэрнэту», што ў 2010 можа прывесьці да значнага абмежаваньня свабоды ў беларускім Сеціве.

Беларусы вучаць новае слова Twitter і пачынаюць масава карыстацца моднай сацыяльнай сеткай. Канфэрэнцыя «Дзелавы інтэрнэт» ярка прадэманстравала новы трэнд. Аўстралійскі ўнівэрсытэт уводзіць адмысловы курс па Twitter, а амэрыканца арыштоўваюць за адмову пісаць у гэту сацыяльную сетку.

У Generation.bY таксама зьявіўся акаўнт у найбольш дынамічнай сацыяльнай сетцы году.

У 2010 год бязь піва?

Парлямэнт цэлы год галасаваў-галасаваў, і дагаласаваўся да забароны ўжываньня піва на вуліцах. Пакуль закон канчаткова не зацьверджаны, але ўсё ідзе да таго, што піва на Сьвіслачы наступным летам папіць будзе вельмі складана. Магчыма таму агляд артэфактаў мінулага — бутэрбродных, закусачных, старых савецкіх буфэтаў ад Slaver’а — выклікаў вялікую цікаўнасьць публікі. Да гэтага матэрыялу далучыўся агляд піўнога рынку Менску з 90-х гадоў і па сёньня.

Недзяржаўны арганізацыі выходзілі з падпольля

Упершыню за некалькі гадоў у Менску прайшоў фэст моладзевых арганізацыяў. На яго з усёй Беларусі даехала каля 50 актывістаў з 30 арганізацыяў ды праектаў. Дзіўна, але некаторыя людзі тады ўпершыню сустрэліся адзін з адным.

Атрымай, маскаль, падушкай!

У Менску прайшла неардынарная ва ўсіх сэнсах акцыя пад лёзунгам «Атрымай, маскаль, падушкай!» Каля 400 хлопцаў і дзяўчатаў кінуліся мачыцца падушкам у гонар сьвяткаваньня 495-ай гадавіны бітвы пад Воршай.

Прызнаньне дзедаў марозаў

Незарэгістраванае грамадзкае аб’яднаньне Дзядоў Марозаў усю восень змагалася за права быць пакаранай за дзейнасьць без дзяржаўнай рэгістрацыі: насілі заявы ў пракуратуру, парлямэнт. Але ні пакараньня, ні адмены артыкулу 193.1 Дзяды Марозы так і не дамагліся.

А мы…

У мінулым годзе нашы людзі вандравалі на байдарках па Нёмане, на роварах у Нясьвіж, на агульнаэўрапейскі хіпарскі тусьняк Rainbow, па Браслаўшчыне, Нарвэгі, Чэхіі і Аўстрыі, Швэцыі, ЗША і Эквадоры, расповяды пра якія яшчэ будуць. Кацярына Безмацерных, чалавек, для якога заплечнікавая свабода мае выключнае значэньне, нават дабралася да Індыі, пра што абавязкова распавядзе ў наступным годзе.

У межах цыклу ПраДарожжаў мы сёлета заехалі ў Бабруйск, Красны Бераг, Жылічы, Нясьвіж і Радзівілмонты, іншыя гарады ды мястэчкі, а таксама на Астравеччыну, дзе ў будучым зьявіцца першая беларуская АЭС.

Напрыканцы году нарэшце выйшаў доўгачаканы музычны праект Лявона Вольскага у стылі 60-х «Такога няма нідзе», у здымках і падрыхтоўцы якога бралі ўдзел нашы людзі.

Аўторак №100

А ў пачатку лета кам’юніці Generation.bY адсьвяткавала 100-ты «Аўторак добрых людзей» .

Да сустрэчы на аўторках і на старонках Generation.by у 2010-м!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0755 seconds.